Матэрыял са здымак ад marketing.by
Новы іміджавы ролік velcom здымаўся адмыслова з нагоды 15-годдзя кампаніі. Наогул для velcom стала ўжо традыцыйным здымаць іміджавыя ролікі на беларускай мове.
Зміцер Курловіч, начальнік аддзела кіравання брэндам кампаніі velcom, на пытанне аб мэтазгоднасці здымаць ролікі на беларускай мове (ці дойдзе камунікацыя да аўдыторыі), адразу пераканаўча адказвае, што аўдыторыю мова не палохае.
Гэтым разам за беларускую мову, у тым ліку, адказвала і песня «Простыя словы» Міхала Анемпадыстава ў выкананні Лявона Вольскага, а за прадакшн – ужо традыцыйна Cuba Studio.
Першапачаткова нам было вельмі цікава паназіраць за тым, як нараджаюцца рэкламныя работы, якія пастаянна атрымліваюць столькі ўхвальных водгукаў, а таксама высветліць, ад каго ў найбольшай ступені залежыць канчатковы поспех работы: ад прадакшна, кліента або агенцтва. Мы не будзем раскрываць тэхнічныя моманты здымкаў – у гэтай галіне мы не прафесіяналы, ды і мала каму гэта будзе цікава. Толькі адзначым: у здымках выкарыстоўвалася анамарфотная оптыка, якая дае шырокі вугал агляду без аптычных скажэнняў і часцей за ўсё ўжываецца ў кінаіндустрыі. Падчас здымкаў нам паказалі розніцу – так, замежны «аксэсуар» робіць кадр «па-кіношнаму» прыгожым.
Як мы пісалі вышэй, ролік быў прысвечаны 15-годдзю кампаніі velcom. Сюжэт на прыкладзе адной сям’і расказвае пра добрыя гісторыі, якія могуць здарыцца ў жыцці кожнага за 15 гадоў, ахопліваючы прамежак часу з 1999 да 2014. Аднак гісторыя — гэта позірк не толькі ў мінулае, але адначасова і новы стартў будучыню. Так у цэлым мы можам апісаць галоўную ідэю сюжэту.
Галоўныя героі – маладая пара, яны ж закаханыя, яны ж муж і жонка, і бацькі. Ролік расказвае пра самае галоўнае ў жыцці: сям’я, праца, любоў, дзеці. Усе падзеі ў рэкламнай гісторыі праходзяць у адваротным кірунку – выкарыстоўваецца такі прыём, як рэверс, што ўскладняла працу падчас здымак, бо думаць у адваротным кірунку не так і проста.
Здымкі роліка працягваліся трое сутак на 7-і лакацыях. Усяго было знята 11 сцэн. Рэжысёрам быў Нікола Ляжаіч, аператарам – Аляксандр Паўловіч.
Сучасны стылістычны кірунак рэкламных ролікаў velcom абраў у 2012 годзе. Таму склад творчай каманды ўжо падбіраецца пад адпаведную стылістыку. З рэжысёрам Ніколам Ляжаічам было знята аж 5 ролікаў, у ліку якіх добра вядомыя «Зімовыя планшэты», «3000 + 3000» і інш.
Сцэнарый распрацоўвала рэкламнае агенцтва «Not Perfect» (Вільня). Па словах Зміцера Курловіча, на працу над сцэнарыем іміджавага роліка звычайна траціцца некалькі месяцаў, але зараз справіліся параўнальна хутка — усяго за месяц. Брыф агенцтва атрымала ў пачатку года. Сцэнарый быў напісаны па-ангельску акрамя тэкстаў для дыктара(калі пішуць на рускай, кажа Зміцер, смешна атрымліваецца), тэкст для дыктара напісаны камандай velcom.
Наогул сама «здымка на камеру» займае каля 30% (паводле нашых падлікаў) ад усяго здымачнага працэсу. Усё астатняе – пераезды з адной лакацыі на іншую, наладжванне ўсіх працоўных працэсаў, пабудова кадра, свет, падрыхтоўка акцёраў.
Як кажуць самі прадзюсары, здымкі гэтым разам праходзілі пад дэвізам «Перфекцыянізм». Аператар Аляксандр Паўловіч часам пакутліва доўга выбудоўваў кадр, педантычна ставіў святло. Пакуль кадр выбудоўваецца, акцёры рэпетуюць.
На пляцоўцы прысутнічае каля 50 чалавек; з іх ад агенцтва знаходзяцца капірайтар, акаўнт-менеджэр і арт-дырэктар, ад прадакшна — генеральны прадзюсар і выканаўчы прадзюсар, ад кліента – кіраўнік аддзела кіравання брэндам кампаніі і спецыяліст аддзела. Кожны выконвае сваю ролю, аднак рашэнне аб тым, што сцэна знятая і можна працягваць далей, прымаюць усе разам. Кожная адзнятая сцэна мантуецца на месцы. Такім чынам, да канца здымкаў можна было ўбачыць чарнавы варыянт роліка. Далейшая «чыстка» відэа выконваецца за 1-2 дні.
Падчас здымкаў адной сцэны паралельна ідзе падрыхтоўка да наступных. Прычым стаўленне да дэталяў ва ўсёй каманды дастаткова дбайнае: пачынаючы ад таго, ці трэба агаляць калені галоўнай гераіні, і заканчваючы фасонам і колерам кашулі галоўнага героя.
Складанымі аказаліся сцэны на вуліцы ў першы здымачны дзень. Перш за ўсё праз умовы надвор’я. Было халодна, ветрана, а акцёрам паводле сцэнарыю даводзілася босымі (з голымі) нагамі маляваць сэрца на пяску. Атрымлівалася ўсё далёка не з першага дубля. Сінелі ногі ў акцёраў, мерзла ўся каманда. У такія моманты ўсе знаходзяцца ў напружанні.
Як нам падалося, кожная сцэна давалася нялёгка ўсёй камандзе. Адточванне ўсіх момантаў адбывалася дэталёва: як разлятаецца папера, як галоўны герой трымае тэлефон, калі запісвае нумар, як паводзяць сябе блікі ў кадры і многае іншае, на што ад няведанні або нявопытнасці можна не звярнуць увагі.
Па агульных адчуваннях ролік атрымаўся досыць лірычны. На трэці дзень здымак нервы дзяўчат ад перажыванняў і эмацыйнай напружанасці не вытрымлівалі – ратавалі слёзы (а вы паслухайце прыпеў песні «Простыя словы» раз сто, кожны раз гледзячы на дваіх закаханых у кадры).
Звычайна здымачны дзень пачынаўся на світанні і заканчваўся далёка за поўнач. На трэці дзень усе былі прыкметна стомленыя. Але важна было не прапусціць нейкія важныя дробязі, якія пасля здымак было б ужо немагчыма выправіць.
Напэўна, калі вы ў нас запытаецеся, у чым поспех рэкламных ролікаў кампаніі velcom (цяпер мы гаворым не пра бюджэты), то першае, што хочацца адзначыць адразу і не задумваючыся, – досвед і зладжанасць усёй каманды. Як прызнаўся Зміцер, колькасць ролікаў, знятых з яго ўдзелам, ужо перавальвае за паўсотню. Пасля такога досведу будзеш ставіцца да кожнай дробязі вельмі сур’ёзна.
Не скажам, што ўвесь здымачны працэс праходзіў спакойна і без нерваў: здараліся і канфлікты, і спрэчкі. Але гэта ўсё, па вялікаму рахунку, рабочы працэс, дзе кожны максімальна аддае сябе працы. Так, напэўна, і нараджаюцца добрые рэкламныя работы.
Фота са здымаў:
Аператар-перфекцыяніст Аляксандр Паўловіч
Здымкі ў боўлінгу
Адзнялі — абмеркавалі — яшчэ дубль
«Ты яго ведаеш? Ён на некалькі гадзін пабудзе тваім таткам»
Прадзюсар павінен умець усё, нават быць мадэллю… Алена Васілеўская, прадзюсар Cuba Studio, дапамагае выбраць сукенку для здымак наступнай сцэны
З лістамі было дамовіцца цяжэй за ўсё… Вучыце фізіку — дапаможа і ў рэкламе, і ў жыцці
Маленькі акцёр рыхтуееца да здымак. З бацькам
Трошкі сонечнага Маямі на Баравой
Абмяркоўваюць дэкарацыі
Здымкі на імправізаваным канцэрце
І такія тэлефоны яшчэ ёсць у продажы. Сцэна — назад у 90-ыя
Backstage